ХВА́ЛЕВАЯ ФУ́НКЦЫЯ ў квантавай механіцы,
камплексная функцыя, якая поўнасцю апісвае стан мікрачасціцы (электрона, атама, малекулы і інш.) або інш. квантавамех. сістэмы (напр., крышталя); рашэнне Шродынгера ўраўнення.
Дазваляе вызначыць імавернасці і сярэднія значэнні фіз. велічынь, якія характарызуюць стан сістэмы. Напр., квадрат модуля Х.ф. роўны імавернасці (ці шчыльнасці імавернасці) таго, што гэтыя велічыні прымаюць пэўныя значэнні (або знаходзяцца ў пэўных інтэрвалах значэнняў). Х.ф. таксама часта наз. амплітудай імавернасці. Для Х.ф. выконваецца суперпазіцыі прынцып: калі сістэма можа знаходзіцца ў станах з Х.ф. ψ1, ψ2, ..., то магчымы стан з Х.ф., роўнай любой лінейнай камбінацыі гэтых функцый. Для сістэм з многіх аднолькавых часціц істотныя ўласцівасці сіметрыі Х.ф., што вызначае статыстыку дадзенай сістэмы часціц (гл. Бозе—Эйнштэйна статыстыка, Фермі—Дзірака статыстыка). Гл. таксама Хвалі дз Бройля.
т. 16, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)